На канферэнцыі па кітаязнаўстве ў МДЛУ
27 лютага - 3 сакавіка ў Мінскім дзяржаўным лінгвістычным універсітэце быў праведзены Міжнародны тыдзень кітаязнаўства, які азнаменаваўся трыма мерапрыемствамі. 1-2 сакавіка адбылася юбілейная Х Міжнародная навуковая канферэнцыя "Кітайская цывілізацыя ў дыялогу культур". У рамках канферэнцыі была арганізавана работа наступных секцый: "Кітайская мова ва ўмовах глабалізацыі"; "Кітайская культура: нацыянальныя традыцыі і сучаснасць"; Кітай XXI стагоддзя: праблемы палітычнай і эканамічнай інтэграцыі; «Краіназнаўства Кітая – шлях да пазнання і ўзаемаразумення»; "Гісторыка-метадалагічныя аспекты вывучэння Кітая"; «Кітаязнаўства ў свеце і Рэспубліцы Беларусь». У працы канферэнцыі прынялі ўдзел (у "вочным" і "завочным" фарматах) шматлікія выкладчыкі ВНУ, навуковыя работнікі, аспіранты, магістранты і студэнты з Беларусі, Расіі, Кітая і Латвіі. 3 сакавіка праводзіўся таксама I Міжнародны сіналагічны форум, удзельнікамі якога сталі, разам з вядомымі вучонымі, маладыя кітаісты. А на працягу ўсяго тыдня са штодзённымі лекцыямі перад удзельнікамі канферэнцыі і форуму, а таксама перад усімі жадаючымі выступалі вядомыя вучоныя-кітаісты – доктар гістарычных навук, прафесар кафедры кітаязнаўства Амурскага дзяржаўнага ўніверсітэта С.В. Філонаў (г. Благавешчанск) і доктар філасофскіх навук, вядучы навуковы супрацоўнік аддзела Кітая Інстытута Усходазнаўства Расійскай Акадэміі навук І.У. Белая (г. Масква).
У канферэнцыі прынялі ўдзел і выступілі з дакладамі доктар філалагічных навук, прафесар кафедры рускага, агульнага і славянскага мовазнаўства У.І. Коваль ("Магічныя рытуалы з выкарыстаннем попелу ў кітайскай і ўсходнеславянскай традыцыйных культурах") і аспірант названай кафедры А.А. Аксёнчыкава-Бірукова («Спецыфіка выкарыстання феномену «дзяньгу» ў паэзіі Лі Цінчжаа»).